logo
Галоўная Наша ўстанова Гісторыя ўстановы

I. З гісторыі заснавання школы.
II. Школа ў 20-30-я гады.
III. З гісторыі камсамольскай арганізацыі.
IV. Пасляваенныя гады
V. Школа ў 60-70-я гады.
VI. Школа ў новым будынку.
VII. Школа сёння

Амаль усе малюнкі на гэтай старонцы клікабельныя.
Каб павялічыць малюнак, націсніце на яго

I. З гісторыі заснавання школы.

Гісторыя развіцця адукацыі нашага населенага пункта адыходзіць у далёкае мінулае. Царскае самадзяржаўе трымала абяздоленых жыхароў у цемры. Яшчэ горшым быў лёс беларускага селяніна. Суцэльная непісьменнасць і цемра аддавалі насельніцтва вёскіЗавадскаяСлабадава ўладу забабонаў. Адукацыі насельніцтва царскі ўрад не надаваў амаль што ніякай увагі.

Права на адукацыю мелі толькі багатыя. Таму 82% беларусаў былі зусім непісьменнымі. У Магілёўскай губерні ў той час у пачатковых класах усiх тыпаў школ вучылася ўсяго шостая частка дзяцей школьнага ўзросту.
Пасля рэформы 1861 земствы прынеслі некаторую карысць у развіцці народнай адукацыі. У канцы XIX - пачатку XX стст. сталі адкрывацца школы.  Вёска Хонава тады адносілася да Быхаўскага павета Гарадзішчанскай воласці. Агульная колькасць двароў ў Хонава да гэтага часу складала 53падвор’і.

Акрамя народных вучылішчаў, былі так званыя «школы пісьменнасці». Такая школа была арганізавана ў вёсцы Сінін. Настаўнікамі ў «школах пісьменнасці» былі асобы, якія скончылі пачатковую школу. Непасрэдна школа была падпарадкавана царкве, больш  «ціснулі» на царкоўнае навучанне.
Амаль што не засталося дакументаў таго часу. Але з пакалення ў пакаленне, з вуснаў у вусны, ад бацькі да сына перадаецца гісторыя роднага краю. Вось што паведамляюць «старажылы»     вёскі     Хонава:

-  У 1881 годзе ў маленькай вёсачцы Хонава па рашэнні земства адкрылася народнае вучылішча. Школа была пабудавана на сродкі земскай сельскай абшчыны. Адкрылася яна ў той жа год, калі ўсю Расію ўскалыхнуўдзёрзкі замах нарадавольцаў на цара Аляксандра II у Пецярбургу (1881г.).

У народным вучылішчы дзеці вучыліся 4 гады. Затым вучні ехалі здаваць экзамен у Быхаўскае павятовае вучылішча.

У Хонаўскае народнае земскае вучылішча хадзілі дзеці з Хонава, Вугалля, Каменкі, Будоўлі, Бокатаўкі, Запаточча, Кацней.

Вучыліся ў большасці хлопчыкі, дзяўчынак было менш, так як лічылася, што дзяўчынкам адукацыя не патрэбна.

 

Вось пасведчанне, выдадзенае ў 1897г. педагагічным саветам Івану Мікітавіч Шульгову, селяніну Магілёўскай губерніі Быхаўскага павета Гарадзішчанскай воласці Хонаўскай Сельскай абшчыны, які нарадзіўся ў 1885г., паспяхова скончыў курсы навучання ў Хонаўскім народным вучылішчы.

На дакуменце пастаўлены подпісы святара, ксяндза і затым, на апошнім месцы, - подпіс настаўніка.

Першым настаўнікам у Хонаўскім вучылішчы быў Куляшоў (імя, імя па бацьку невядомы). Гэта быў высокаадукаваны, палітычна свядомы чалавек таго часу. Уся акруга ставілася да яго з вялікай павагай. Ён вельмі шмат зрабіў для навучання і выхавання дзяцей сялян. Быў патрабавальны ў дачыненні да вучобы. Імкнучыся як-небудзь палегчыць цяжкае жыццё селяніна, рабіў усё, што было ў яго сілах. Пад яго кіраўніцтвам быў пасаджаны школьны сад. Куляшовым была ўведзена такая традыцыя: кожнаму, хто скончыў школу, ён даваў 10 саджанцаў-яблынь. Выпускнікі павінны былі  пасадзіць іх дома або на месцы будучай працы, так як амаль усе выпускнікі заставаліся жыць у роднай вёсцы. Пасля Куляшова ў Хонаўскае народнае вучылішча быў дасланы працаваць Дзяргачоў Маісей Ануфрыевіч.

II. Школа ў 20-30-я гады.

Практычна не засталося звестак пра гісторыю школы да Кастрычніцкай рэвалюцыі і пасля, амаль што да 30-х гадоў.

Аб рабоце школы ў першыя гады Савецкай улады падзялілася ў сваіх успамінах былая загадчыца школы Зінкевіч Таццяна Лук'янаўна. Настаўніцай яна стала яшчэ ў трывожным 1917годзе ў Семукацкай школе Гарадзішчанскай воласці, да якой адносілася наша школа.  Яе бацька, Сысоеў Лук'ян Севасцянавіч, быў вучнем Хонаўскага народнага вучылішча з часоў яго адкрыцця. У той час работалі настаўнікамі Булатаў Афанасій Сямёнавіч і Мяхова Зінаіда Ануфрыеўна.

З 1 кастрычніка 1922г. (навучальны год пачынаўся з 1 кастрычніка) Таццяна Лук'янаўна была назначана загадчыцай Хонаўскай школы. Яе вучнямі былі Барысава Анастасія Данілаўна, Позікава Ганна Фёдараўна, Палушкін Аляксей Агеевіч, Сысоева Алена Піліпаўна, Шульгоў Ягор Іванавіч, Чачко Ніна Сцяпанаўна. Усе яны рэгулярна перапісваліся з ёй. Разам з Таццянай Лук'янаўнай ў школе працавалі Бараноўская Таццяна Раманаўна (1923-1924 навуч.г.), Паўлава Марыя Пятроўна (1924-1925 навуч.г.), Жбанкоў Міхаіл Васільевіч (1925-1926 навуч. г.), Захаранка Анастасія Іванаўна ( 1926-1927 навуч. г.), Дзмітрук Міхаіл Арцем'евіч (1927-1928 навуч. г.), Марозаў Кірыл Іванавіч (1928-1929 навуч. г.), Нікіфарава А. Н. (1929-1930 навуч. г.), Зайцава Ганна Аляксееўна (1930-1933 навуч.г.).
Хаця школа была двухкамплектнай, увесь цяжар лажыўся на плечы Таццяны Лук'янаўны. У школе настаўнікі больш, чым на год не затрымліваліся, а часам за год змянялася па 2-3 настаўніка. 4-я класы вучыць ніхто не браўся, таму ёй даводзілася займацца з дзецьмі самой.

У школе было 2 класы, шырокі калідор, дзе можна было пабегаць і пагуляць. Дах школы быў зусім старым, калі ішоў дождж, даводзілася падстаўляць посуд. Новы дах атрымалася паставіць толькі ў 1928годзе. У першыя гады работы школы пры савецкай уладзе ў ёй змяшчалася не больш за 40-50 чалавек з чатырох вёсак: Вялікае  Хонава, МалоеХонава, ЗавадскойСлабады і Будоўлі.

Падручнікаў і пісьмовых прылад было вельмі мала, а жаданне вучыцца было куды большым.

У 1926 годзе былі ўведзены выпускныя экзамены  4 класа. Яны праходзілі ў Бялевічскай школе. Сюды збіраліся вучні 9 або 10 школ, прыязджаў інспектар раёна, які прывозіў тэксты пісьмовых работ. Усяго збіралася каля 50 чалавек. Усе экзамены праводзіліся ў адзін дзень. Вучні, прайшоўшы 12-15км, стомленыя,пісалі пераказ, рашалі пісьмовую задачу і адказвалі вусна. Аднойчы экзамены зацягнуліся да 12 гадзін ночы. Адзін з вучняў нашай школы заснуў, чакаючы сваёй чаргі, так як іх выклікалі па алфавіту, а Хонаўская школа ў спісе была апошняй. Хлопчыка расштурхалі і паставілі перад экзаменатарамi. Спрасонку ён не змог вымавіць ні слова. Дадому вярталіся пешшу ўначы. Пасля экзамену выдавалі пасведчанне. У 1926 годзе адбыўся 1-ы выпуск Хонаўскай пачатковай школы. Яе скончылі наступныя выпускнікі:

   Лебушакова Варвара       Махоркін Аляксей
   Цецерукава Ніна             Кавалёў Аляксей   
   Цецерукоў Павел            Барысава Анастасія
   Асіпцоў Васіль                Шульгоў Ягор
   Асіпцоў Іван                    Цырульнікава Надзея
   Палушкін Аляксей          Круталевіч Дзмітрый
   Шыфрына Энта                Сысоеў Павел

Сярод іх Сысоеў Павел, Цецерукова Ніна, Цецерукоў Павел, Лебушакова Варвара і Шыфрына Энта паступілі вучыцца ў 5 клас школы г. Магілёва, так як сярэдніх школ у раёне ў той час не было.
У школе праводзілася культмасавая работа: 3 разы на тыдзень – чытка газет (збіралася не менш 25-30 чалавек), ставіліся спектаклі сіламі настаўнікаў, праходзіла ліквідацыя непісьменнасці. У грамадскай рабоце вучні таксама прымалі актыўны ўдзел. Так, сіламі вучняў, у 1928 годзе, праводзілася лесанасаджэнні ўздоўж чыгункі (каля вёскі Сямёнаўка).

У тыя гады школа з'яўлялася цэнтрам грамадскага жыцця вёскі. Камсамольскіх і партыйных арганізацый у Хонава яшчэ не было. Але ў школе існавалапіянерская арганізацыя, якойкіравалі настаўнікі. Лічылася, быць піянерам - значыць быць першым ва ўсім. Вучні заставаліся пасля ўрокаў у школе, знаёміліся з біяграфіяй Леніна і яго паплечнікаў. Заўсёды і ва ўсім піянеры імкнуліся быць актыўнымі, старанна вучыцца. Увесь час рыхтавалі выступленні мастацкай самадзейнасці і выступалі ў хаце-чытальні. Так як жалезнай дарогі не было, на піянерскія злёты хадзілі ў Магілёў пешшу.

У 1929 годзе быў утвораны ў Хонаве калгас імя Сцяпана Разіна, у стварэнні якога прымала значны ўдзел Зінкевіч Таццяна Лук'янаўна. Увесну калгаснікі выехалі араць упершыню на адведзеныя ім полі. Кулацкія пасобнікі, каб сарваць працу, сталі кідаць у іх камяні. На дапамогу калгаснікам прыйшлі вучні 4 класа нашай школы, якім было па 14-15 гадоў. Хлопцы ўсталі за плугі і правялі першыя баразны ўздоўж вузкіх палосак.

У 1932 годзеХонаўскае народнае вучылішча было пераўтворана ў 7-гадовуюшколу, і стала называцца Хонаўская няпоўная сярэдняя школа. Дырэктарам стаў Садоўскі Пётр Адамовіч, які працаваў там адзін год.

У 1933 годзе дырэктарам школы становіцца Аляксандр Антонавіч Вечар і працягваў ім быць да чэрвеня 1941 года.                             

У чэрвені 1941 Аляксандр Антнавіч быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, як і многія мільёны савецкіх грамадзян. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны і да пераможнага дня знаходзіўся ў дзеючай арміі. Пасля вайны афіцэр працягваў службу ў штабах дывізій, армій і акругі. Звольніўся ў запас палкоўнікам.
Аб тых цяжкіх гадах школы, калі ён быў дырэктарам, Аляксандр Антонавіч піша: «Нягледзячы на недастатковасць школьных памяшканняў, двухзменную працу, а таксама вялікую перагрузку класаў вучнямі ў асобныя гадзіны, школа цалкам спраўлялася са сваімі задачамі і выпускала са сваіх сцен добра падрыхтаваных вучняў, якія паступалі ў сярэднія спецыяльныя ўстановы ».

 

III. З гісторыі камсамольскай арганізацыі.

У 1923-1924гг. у рады піянераў былі прыняты навучэнцы 3-4 класаў. Піянерскую арганізацыю тады ўзначальвала Зінкевіч Таццяна Лук'янаўна.
З успамінаў Асіпцовай Марфы Еляксееўны: “Я ўступіла ў камсамол ў 1925 годзе. Нас было 18 чалавек. Я ў школе тады не вучылася, але ва ўрачыстай абстаноўцы прымалі нас у рады камсамола ў Хонаўскай школе. Усю работу ўзначальвала камсамольская ячэйка. Мы выконвалі грамадскую працу. Прымалі ўдзел у арганізацыі калгасаў. Члены нашай камсамольскай ячэйкі ставілі спектаклі. Займаліся пасадкай лесу і садоў. У камсамольскую ячэйку ўваходзілі камсамольцы не толькі з вёскі Хонава, але і з іншых вёсак. Мае таварышы па камсамольскай ячэйцыбылі: Барысава Ксенія, Новікава Агаф'я, Стаўбуноў Аляксандр, Купцаў Мікалай”. Многія з камсамольцаў загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, змагаючыся за Радзіму.

Піянеры часам заставаліся пасля ўрокаў у школе, іх знаёмілі з біяграфіяй правадыроў, з правіламі паводзінаў піянера. Піянеры імкнуліся быць актыўнымі, добра вучыцца, удзельнічалі ў самадзейнасці. У той час у Хонаве была хата-чытальня, і ў ёй знаходзілася маленькая сцэна, дзе дзеці выступалі.

З успамінаў Цецеруковой Ніны Сцяпанаўны: “У піянерскую арганізацыю нас прымалі пад гімн ВЛКСМ. Мы вучыліся таму, як павінны жыць і працаваць”.

Ніна Сцяпанаўна да пенсіённага ўзросту працавала настаўніцай нашай школы.

Многім былым камсамольцам школы, працягнуўшым вучобу ў іншых навучальных установах, прыйшлося выканаць свой святы абавязак –  абараняць Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Многія аддалі сваё жыццё. Смерцю храбрых загінуў маёр І.А. Палушкін. Ён пахаваны ў Літве. Адна з літоўскіх школ шэфствуе над магілай героя. Брат загінуўшага героя Палушкін Аляксей Агеевіч працаваў у Хонаўскай школе з 1947 года.
Цыкуноў Мікалай Ягоравіч за праяўлены подзвіг на франтах Айчыннай вайны быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Шараеў Сцяпан Раманавіч– узнагароджаны "Медалём за адвагу", "За перамогу над Германіяй", "За ўзяцце Вены"

Шматлікімі ўзнагародамі адзначаны заслугі перад Радзімай Круталевіч Дзмітрыя Андрэевіча. Вярнуўшыся з фронту інвалідам, ён працягваў вучобу. Скончыў Маскоўскі юрыдычны інстытут, затым скончыў аспірантуру.
Школа ганарылася сваімі камсамольцамі.

 

IV. Пасляваенныя гады

Школа ў гады вайны не працавала. Вось апошні выпуск напярэдадні вайны. (1940-1941 навучальны год)

Але як толькі акупанты былі выгнаны з роднай зямлі, зноў зазваніў школьны званок, і зноў школа пачала вучыць маленькіх жыхароў Хонава.

Многія выпускнікі нашай школы вызначыліся адвагай, абараняючы нашу Радзіму ў грозныя дні барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сярод  іх  М.Г. Цыкуноў, браты Сысоевы, А.А. Латакоў, В.Ф. Шчарбінскі, М.І. Герасімаў, М.Д. Цырульнікаў, С.П. Махоркін, Д.Ф. Самалазаў, А.С. Мятліцкі, Н.Е. Тофелеў, Е.Е. Шэлегаў, А.І. Шульгоў, А. А. Казакоў. Больш за 50 вучняў не прыйшло з фронту. Аб подзвігах, здзейсненых у баях былымі выпускнікамі, ходзяць легенды.

У 1944 годзе дырэктарам Хонаўскай школы была назначана Алена Яфімаўна Зайцава. Да вайны яна заканчвала Магілёўскі педінстытут. Засталося здаць толькі выпускныя экзамены, як пачалася вайна. Прыехала да бацькі ў вёску Завярэжжа, што недалёка ад Вендаража.Алена Яфімаўна актыўна ўключылася ў барацьбу з акупантамі, была сувязной партызанскага атрада  Асмана Касаева. Хадзіла з заданнямі ў Магілёў, здабывала каштоўныя звесткі, прыносіла медыкаменты.

Адразу ж пасля вызвалення раёна яе прызначылі дырэктарам школы. «Калі прыйшла ў Хонава, школы фактычна не было. Яна згарэла падчас баёў, як і палова вёскі. Доўга плакала над месцам сваёй хаты, што знаходзілася непадалёку ад школы. Што рабіць? Хацела вярнуцца назад у райана і сказаць, што школы няма і вучыць дзяцей няма дзе. Але мяне акружылі дзеці, слухалі і радаваліся, што ў іх будзе школа». Не пайшла яна тады ў райана. Пачалі сваімі сіламі ствараць школу. Прывезлі лес, напілавалі дошак, каб зрабіць парты.

Так у у вёсцы Будоўля і адкрылася школа, у якой у той час было толькі 4 класы. Былі вялікія праблемы з паперай, кнігамі. Пісалі на старых газетах, на дошках крэйдай. Самі вучні рабілі крэйду і чарнілы з травы і сажы. Аднойчы, у школу прыйшла пасылка на імя дырэктара ад маёра Пракофія Прохаравіча Махоркіна. І якая ж была радасць, калі, адкрыўшы пасылку, прысутныя ўбачылі там паперу і алоўкі!

У наёмным памяшканні ў  вёсцы Будоўля школа размяшчалася да 1947 года.

У 1947г. метадам народнай будоўлі быў пабудаваны новы будынак.

 


Выпуск 6-га класа сямігадовай школы 1947-1948 навучальнага года

У 1952-1953гг. быў адкрыты 8-ы клас. Школа стала агульнаадукацыйнай сярэдняй. Дырэктарам быў прызначаны Мікалай Іванавіч Грузінскі.
У 1954-1955 навучальным годзе адбыўся першы выпуск 10-х класаў.

Выпуск 10 класа 1959 года

 

V. Школа ў 60-70-я гады.

У 1960-х года ў школе быў створаны краязнаўчы гістарычны гурток, кіраўніком якога з’яўлялася Нізаўцова Вера Іванаўна. Яго членамі былі Афанасьева Алена, Сініца Ала, Кавалёва Валянціна і інш.

У 1961-1962 навучальным годзе выпуску не было, так як навучэнцы 10-х класаў перайшлі ў 11-ы клас.

 

У 1962-1963гг. адбыўся першы выпуск 11 класа.
У другой палове 60-х гадоў дырэктарам Грынкевіч Леанід Якаўлевіч.


З 1970-1971 навучальнага года Жылінская Таццяна Іванаўна ў школе была арганізатарам пазашкольнай работы. Накалькі год работала завучам школы.

Са слоў Таццяны Іванаўны, школу тады наведвалі каля 160-180 вучняў. Дзеці таксама хадзілі не толькі з Хонава, але і з Бокатаўкі, Вугалля, Новы Сінін, Стары Сінін, Будоўлі, Батуні. Падручнікі тады куплялі ў магазіне. Школа працавала ў дзве змены. Дзеці самі дабіраліся да школы пешшу. Калі вярталіся дадому,  было цёмна.
Таццяна Іванаўна  выкладала беларускую мову, затым працавала завучам да 1985г. Разам з ёю таксама працавалі настаўнікі, якія зрабілі нямала для развіцця Хонаўскай школы. Сярод іх Шульга Галіна Нікіфараўна, Тофелева Зоя Міхайлаўна, Раманенка Надзея Кузьмінічна, Драздова Еўдакія Піліпаўна, Палушкін Аляксей Агеевіч, Мічкова Вольга Мікалаеўна, Шаўчук Уладзімір Язэпавіч, Шаўкоўская Ева Максімаўна, Казакоў Аляксей Антонавіч, Кіслячэнка Марына Васільеўна і інш.

 

 

Настаўнікам з Магілёва даводзілася здымаць жыллё. Усе расходы на жыллё брала на сябе школа.

Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, школьнае жыццё праходзіла весела і разнастайна. Дзеці з настаўнікамі ездзілі на экскурсіі ў музеі, наведвалі заводы і фабрыкі горада Магілёва. Пабывалі на заводзе ў Елізава. Нават на цягніку ездзілі на экскурсію ў Ленінград.

 

1970-71-1 70e-1

З 1973 года дырэктар Хонаўскай школы – Хомчанка Мікіта Андрэевіч.
Цікавае і насычанае жыццё праходзіла ў сценах Хонаўскай школы. Паляпшалася з кожным днём матэрыяльная база, паступова павялічвалася якасць навучальнага працэсу. Выключнаяўвага надавалася ідэйна-палітычнаму выхаванню. Перад настаўнікамі стаяла мэта выхоўваць пачуццё савецкага патрыятызму. Сталі традыцыямі сустрэчы з удзельнікамі гістарычнага мінулага і Героямі Сацыялістычнай працы.
З 1976 па 1978гг. на чале школы быў Екацярынчаў Аляксандр Міхайлавіч.

 

 

VI. Школа ў новым будынку.

1 верасня 1977 годавучнісустрэлі ў новым прыгожым, прасторным будынку. Новая школа размяшчалася ў вёсцыЗавадская Слабада. Навучэнцы перайшлі ў новы, светлы, сучасны двухпавярховы  цагляны будынак. Радасці рабят і настаўнікаў не было канца, таму што да гэтага яны займаліся ў старым драўляным памяшканні, якое і абагравалася ўсяго адной печкай. Прасторныя кабінеты, вялікая сталовая, цёплыя туалеты, майстэрні, абсталяваныя маталаапрацоўчымі станкамі, спартзала, стадыён, кабінеты фізікі, біялогіі з адмысловым абсталяваннем, вялікі прышкольных ўчастак, дзе рабятам трэба было праводзіць біялагічныя доследы,- усё гэта было пабудавана з велізарным клопатам аб дзецях.

Дырэктарам стаў Дзмітрый Іванавіч Сырамалотаў. У сакавіку 1978 года ён прыступіў да выканання абавязкаў дырэктара школы.
Але, так як школа была новай, вакол яе не было пасаджана ні аднаго дрэва, ні адной кветкі. Прыйшлося ўсё пачынаць з нуля.

Дзмітрый Іванавіч працаваў дырэктарамда 1992 года, пасля застаўся працаваць настаўнікам матэматыкі. Вучні, якія вучыліся ў яго, ганарацца ім. Нездарма  аддаў ён свае сілы і здароўе настаўніцкай справе. Яго вучні працуюць у розных кутках Беларусі: інжынерамі, аграномамі, ваеннымі і г.д. Гэты адукаваны чалавек здолеў прывіць павагу да прафесіі настаўніка.

Зараз у Хонаўскім НПК педагогамі працуюць дзевяць яго вучняў, чатыры з якіх - матэматыкі.

За высокія паказчыкі ў вучэбна-педагагічнай працы ўзнагароджаны граматамі райана, аблана, граматай Міністэрства адукацыі БССР.
У 1986 годзе Указам прэзідыума Вярхоўнага Савета ССР быў узнагароджаны медалём "За працоўную доблесць".

За шматгадовую працу ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у красавіку 1990 года быў узнагароджаны медалём «Ветэран працы».

Вучні школы з'яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі ўнутрышкольных, раённых і абласных мерапрыемстваў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Ваенкомам з’яўляўся Казакоў Аляксей Антонавіч. У 1976г. камандаванне вайсковай часці ўзнагародзіла граматай каманду Хонаўскай школы, якая заняла трэцяе месца ў раённым фінале ваенна-спартыўнай гульні “Арляня”.

У 1981 годзе школа адзначыла 100 гадовы юбілей. Сюды з усіх куткоў нашай краіны прыехалі яе выпускнікі. Гэта была цікавая і незабыўная сустрэча. На ўрачыстае мерапрыемства сабраліся людзі розных прафесій: настаўнікі і медыкі, жывёлаводы і механізатары, партыйныя і савецкія работнікі. Усім ім школа дала пуцёўку ў жыццё. Дырэктар школы Дзмітрый Іванавіч Сырамалотаў, які выступіў з уступным словам, аб’явіў ўрачыстае мерапрыемства адкрытым.

На сходзе выступілі былы дырэктар школы А.Е. Зайцава, былыя выпускнікі – рэктар Курскага сельскагаспадарчага інстытута А.А. Сысоеў, начальнік Бюро Мінскага трактарнага завода А.М. Мельнікава, дзесяцікласніца Жанна Глазко. Ганаровыя граматы калектыву школы былі ўручаны выкладчыку ваеннай пачатковай падрыхтоўкі А.А.Казакову, дырэктару Дз.І.Сырамалотаву, настаўнікам З.М.Тофелефай, Т.І.Жылінскай, Г.М.Лугаўцовай, Г.М. Сырамалотавай.

Дырэктар школы ўручыў Ганаровыя граматы лепшым вучням школы. Пасля ўрачыстага сходу, адбыўся канцэрт школьнай мастацкай самадзейнасці.

Затым арганізавана, з кветкамі урачыстым маршам піянеры, вучні школы, усе прысутныя прыйшлі да помніка воінам-землякам, якія загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Хвілінай  маўчання ўшанавалі яны памяць загінуўшых.

На На мітынгу, які адбыўся каля помніка, выступілі заслужаная настаўніца БССР, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны К.П.Паўлава. На юбілей прыехаў і вядомы выпускнік нашай школы Сысоеў Аляксандр Ануфрыевіч. Ён скончыў сем класаў у 1935 годзе з Ганаровай граматай ўдарніка. Скончыўшы курсы ветэрынараў, быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Мірнае жыццё савецкага народа ўскалыхнула вайна. Аляксандр Ануфрыевіч разам са сваімі трыма братамі: Васілём, Міхаілам, Паўлам не шкадуючы жыцця, абаранялі Радзіму. Сам Сысоеў быў кантужаны пад Смаленскам. У складзе Першага Беларускага фронту дайшоў да Берліна. Пасля вайны скончыў Ваенную ветэрынарную акадэмію. Потым Аляксандр Ануфрыевіч Сысоеў стаў рэктарам Курскага сельскагаспадарчага інстытута, доктарам біялагічных навук, прафесарам. За гады работы Сысоеву даводзілася працаваць у многіх краінах свету. “Бываючы ў Парыжы, праходзячы па калідорах даследнага інстытута, глядзіш на партрэты сусветна вядомых Паўлава, Мендзялеева і думаеш: якіх герояў нараджала ты, Радзіма. І адразу ўспамінаецца родная Хонаўская школа, якой я вельмі ганаруся. Тут я набываў веды, тут мне павязалі чырвоны гальштук, вытканы і пафарбаваны маёй маці Ксеніяй Рыгораўнай...”
Уручаючы ў дар Хонаўскай школе сваю кнігу “Фізіялогія сельскагаспадарчых жывёл”, ён напісаў такія словы: “Кніга створана дзякуючы прывітай мне любві да працы, да навукі ў Хонаўскай школе. За ўсё вельмі ўдзячны настаўнікам школы, вызначыўшым і зацвердзіўшым асноўныя мае жыццёвыя пазіцыі. Жадаю вучням працягваць лепшыя традыцыі школы”.
Паступова стала наладжвацца дысцыпліна сярод вучняў. Па розных прадметах было створана шмат гурткоў. Праводзіліся прадметныя тыдні. Школьнікам яны вельмі падабаліся і з вялікім задавальненнем удзельнічалі ва ўсіх школьных мерапрыемствах.

Працаваў школьны драматычны гурток. Старшакласнікі ставілі спектаклі. Для малодшых класаў выступаў школьны лялечны тэатр. Для кожнага спектакля вучні самі шылі лялькі, рыхтавалі дэкарацыі.

Асабліва цікава праходзіла сустрэча з былымі выпускнікамі школы. Часта гучалі шчодрыя словы падзякі ў адрас настаўнікаў і дырэктара.

Шмат працавалі школьнікі і на палях роднагасаўгаса. Тыя, хто добрасумленна працаваў, дырэкцыя саўгаса ўзнагароджвала паездкай у Горад-герой Брэст.

Школа была цалкам забяспечана педагагічнымі кадрамі. Тады ў школьным калектыве працавала 20 настаўнікаў, сярод якіх 12 мелі вышэйшую адукацыю. Вучняў налічвалася больш за 200. Для ўсебаковага развіцця ў школе былі створаны гурткі. У малодшых класах праводзіўся гурток мяккай цацкі. Старэйшыя займаліся вырабам з прыроднага матэрыялу: шышак, саломкі і інш. З вялікай цікавасцю вучні займаліся маляваннем, выпальваннем, шыццём, вышываннем. З гэтых розных работ праводзіліся выставы. Гуртком школьнай самадзейнасці кіравалі М.В. Кіслічэнка і М.Е. Аўсеенка.

У школе склаліся добрыя працоўныя традыцыі. У 1980г. у лагеры працы і адпачынку на базе саўгаса "Барок» пры Хонаўской сярэдняй школе працавала 48 вучняў. Яны выканалі вялікі аб'ём работ - з плошчы 500га прыбралі камяні, а таксама з 30га - сена.

За добрасумленную працу калектыў лагера заняў III-е месца і быў адзначаны Дыпломам аблана.

Не адставала ад школьнай працоўнай брыгады і школьнае лясніцтва. Пасадка дрэў, збор шышак, ачыстка лесу, ахова мурашнікаў - гэта было асноўнай задачай юных ляснічых.

У раёне наша школа лічылася заўсёды самай лепшай.

vypusk85-1

З 1992 года дырэктарам становіцца настаўнік гісторыі Аўсеенка Мікалай Міхайлавіч. Асноўнай задачай школы заставалася па-ранейшаму барацьба за павышэнне якасці адукацыі.

Вялікую працу ў гэты час праводзіць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Сырамалотава Ганна Міхайлаўна і настаўніца матэматыкі, завуч, педагог, якая мела падыход  да вучня і настаўніка – Папейка Ада Міхайлаўна.

Шмат гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці аддалі Хонаўскай школе настаўніца пачатковых класаў Аўсеенка Марыя Ягораўна,настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўцы Калупаеў Анатоль Іванавіч.

papeiko


Асаблівая ўвага з пачатку навучальнага года звярталася на якасць урока. Настаўнікам з першага дня неабходна было арганізавацьсваю работу так, каб кожны ўрок быў старанна і ўсебакова прадуманы і падрыхтаваны, каб выклікаў высокую цікавасць і пазнавальную актыўнасць вучняў, каб новы матэрыял у асноўным засвойваўся імі на ўроку, і школьнікі не перагружаліся хатнімі заданнямі. Уся пазакласнаяі пазашкольнаяработабылі накіраваны на скарачэнне беспаспяховасці і павышэнне якасці ведаў навучэнцаў. У арганізацыі і правядзенні гэтай працы абапіраліся на ініцыятыву арганізацый, калектыву навучэнцаў, пры забеспячэнні вядучай, кіруючай ролі настаўніка.

У гэтыя гады наладжваецца цесная ўзаемасувязь зсаўгасам “Барок”. Значную дапамогу вучні з настаўнікамі аказвалі ва ўборцы ўраджаю бульбы, буракоў. Рэгулярна 1 верасня, на ўрачыстай лінейцы самым працалюбівым вучням ўручаюцца грашовыя прэміі.

 

VII. Школа сёння

Педагагічны калектыў школы складаюць 20 педагогаў. Значных поспехаў ў сваёй рабоце дасягнулі настаўнікі з вышэйшай катэгорыяй – Сырамалотава Ірына Міхайлаўна (настаўніца беларускай мовы і літаратуры), Пускоў Ігар Мікалаевіч (настаўнік фізічнай культуры). Усё прадметы вядуцца спецыіялістамі, сярод іх: Іванова Марына Дзмітрыеўна, Аўдзеева Алена Анатольеўна, Пусікава Галіна Міхайлаўна, Чэпікава Ала Аляксееўна, Ржэуцкая Антаніна Віктараўна,Лукашова Алена Мікалаеўна,Укружская Святлана Васільеўна, Пускова Аксана Пятроўна, Хмяльніцкая Галіна Пятроўна, Ласькоў Уладзімір Аляксандравіч, Лапарэнка Святлана Уладзіміраўна, Якубенка Алёна Уладзіміраўна,выхавацелі дзіцячага сада – Кірыловіч Вольга Фёдараўна, Пусікава Галіна Анатольеўна, Драздова Тамара Уладзіраўна, Якавук Людміла Васільеўна, педагог-арганізатар Беляева Елізавета Сяргееўна.

Школа працягвае жыць цікавым, сучасным жыццём. Перамены, што адбываюцца ўнашым грамадстве, закранулі і адукацыйныя ўстановы.

3 2004 года діцячы сад знаходзіцца ў памяшканні школы. З гэтага моманту школа стала называцца Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Хонаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад–сярэдняя школа”.

Змянілася назва, алё не змянілася дзяцінства, не змяніліся дзеці, не змяніліся настаўнікі, якія, як і ў ранейшыя гады любяць дзяцей, любяць сваю работу.

З 2009 года дырэктарам школы становіцца Колас Віталь Вячаслававіч.

Творчае жыццё насычана выставамі, конкурсамі, мерапрыемствамі, у рамках адукацыйнага працэсу ідзе ўкараненне і рэалізацыя інавацыйных праектаў. Адмысловага захаплення дастойны ветэраны, якія з'яўляюцца ўзорам глыбокай вернасці свайму прызнанню.
У розныя гады ў школе працавала цэлая плеяда выдатных настаўнікаў, адданых сваей справе. Сёння прыводзяць на вучобу сваіх дзяцей і ўнукаў настаўнікі мінулых гадоў.

З 2011 па 2014 годкіраўніком установы прызначаны Корзун Аляксандр Іванавіч. У той час быў створаны афіцыйны веб-сайт нашай установы, які неаднаразова быў адзначаны не толькі на раённым, але і на абласным узроўні.

Са жніўня 2014г. і па сучасны момант наш научальна-педагагічны комплекс ўзначальвае Сырамалотава Ірына Міхайлаўна.

За гады кіраўніцтва Ірыны Міхайлаўны наша школа неаднаразова ўзнагароджана Дыпломамі пераможцы спаборніцтва на лепшую арганізацыю адукацыйнай дзейнасці сярод навучальна-педагагічных комплексаў Магілёўскага раёна.

 

Творчае жыццё наша насычана выставамі, конкурсамі, мерапрыемствамі. У рамках адукацыйнага працэсу ідзе ўкараненне і рэалізацыя інавацыйных праектаў. Мы, вучні, разам з педагогамі  дабіваемся высокіх вынікаў на раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і спаборніцтвах. Паступова пашыраецца матэрыяльна-тэхнічная база.   Значна прыкметнымі сталі паляпшэнні ў навядзенні парадку на школьнай тэрыторыі і ўнутры будынка.

Гісторыя школы працягваецца. Наперадзе нямала дасягненняў і творчых перамог, выдатных настаўнікаў і вучняў, якія сваімі талентамі і поспехамі ўпішуць старонку ў гісторыю  ДУА “Хонаўскі НПК ДС-СШ”.

 

 

Адказны за падрыхтоўку старонкі - Хмяльніцкая Г.П.